ТАВАРЫ́СТВА СЯБРО́Ў НАВУ́К, Таварыства аматараў навук. Існавала ў Вільні ў 1907—39. Даследавала гісторыю, этнаграфію і культуру, прыроду Літвы, Беларусі і Польшчы. У 1907—22 выдавала «Rocznik Towarzystwa...» («Штогоднік таварыства...»), у 1923—39 час. «Атэнэум віленьске», дзе асвятлялася гісторыя і культура зямель ВКЛ, публікаваліся дакумент. матэрыялы, бібліяграфія даследаванняў па гэтых пытаннях. Т-ва стварыла б-ку (больш за 50 тыс. кніг, рукапісы пісьменнікаў, дзеячаў культуры, у т. л. творы і рукапісы А.Міцкевіча), якой былі падораны рукапісы і б-кі Я.Карловіча, Я.​Шванскага, збор М.​Федароўскага, Я.​Французовіча, б-ка Э.Ажэшкі. Аснову калекцыі музея склалі зборы А.​Заборскага, В.​Шукевіча, Французовіча (фотаздымкі, замалёўкі бел. адзення). Архіўныя матэрыялы т-ва (лісты Ф.​Багушэвіча, дакументы пра К.​Каліноўскага і інш.) зберагаюцца ў Дзярж. гіст. архіве Літвы, кнігі — у Цэнтр. б-цы АН Літвы. калекцыі па мастацтве і нумізматыцы — у Маст. музеі Літвы, археал., этнагр. і гіст. экспанаты — у Гіст.-этнагр. музеі Літвы.

В.​А.​Цыбуля.

т. 15, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)